0b4267a2     

Коршуков Евгений - Ноччу (На Белорусском Языке)



Яўген Каршукоў
Ноччу
Яна расплюшчыла вочы i не адразу зразумела, што яе разбудзiла...
Прыслухалася. Але ўсё было цiха. На столiку, паблiзу, цiкаў будзiльнiк. Стары
будзiльнiк, з вялiкiмi рымскiмi лiчбамi. Святло месяца рабiла пакой зялёным. I
жоўты цыферблат таксама. Толькi стрэлкi выразна чарнелi супраць лiчбы
"адзiн"... Гадзiна ночы! Яна ўздыхнула, павярнулася на другi бок. I тут
убачыла, што яго няма побач, што адна палавiнка дзвярэй у суседнi пакой, дзе
спяць дачка i ўнук, прыадчынена...
Яна паспешлiва, з трывогаю, устала з ложка, намацала нагамi шлёпанцы i,
стараючыся не шумець, асцярожна прасунулася ў прыадчыненыя дзверы...
Тое, што яна ўбачыла, вельмi напалохала яе: схiлiўшыся, ёв стаяў, доўгi i
страшны, над ложкам унука... Увесь нейкi зялёна-блакiтны... Стаяў i нешта
рабiў худымi даўжэзнымi рукамi. Яе спалохалi гэтыя рукi. Што ён робiць?! У
соннай галаве мiльганулi самыя неверагодныя думкi... Падаўшыся ўперад, яна ўжо
збiралася крыкнуць. Так, каб разбудзiць усiх у хаце - дачку, унука... З гэтым
дзiкiм крыкам яна гатова была кiнуцца да яго i абаранiць нi ў чым не вiнаватае
дзiця. Перад вачыма былi тонкiя рукi, знаёмыя i страшныя рукi...
Але яна не крыкнула... Жах у яе вачах раптам змянiўся здзiўленнем. Яна
недаверлiва глядзела на рукi. Глядзела i адчувала, як раўней б'ецца яе сэрца.
Усё яшчэ насцярожана, яна сачыла за кожным iх рухам. А рукi - дрыжалi. Але
жэсты былi мяккiя, пяшчотныя. Доўгiя i сухiя, як сукi, пальцы бясшумна i
ласкава папраўлялi дзiцячую коўдрачку... Яны толькi папраўлялi!
Маўклiвая, яна стаяла ўсё там - ля дзвярэй. I ўжо з цiкавасцю назiрала за
iм. Цяпер ёй было крыху сорамна за свой ранейшы жах. Ёй не верылася, казачнымi
здавалiся i гэтыя рукi, i гэты незвычайна мяккi, палагаднелы твар старога,
залiты цьмяным святлом...
Яна падумала, што век пражыла з iм i, магчыма, не зусiм добра ведала яго
характар. Часам i не ўгадаеш, чаго ён хоча. Асаблiва ўчора. Такi раз'юшаны ён
яшчэ нiколi не быў. Дачкi, што прыехала з вячэрнiм цягнiком, не захацеў нават
бачыць. "Хай пераначуе i выбiраецца! Хай жыве, як хоча!" - крычаў ён. Нiбыта
яна, нябога, у чым вiнавата. Так здарылася... Нарадзiла iм унука. А хто яму
бацькам даводзiцца - не кажа. Ёсць унук i няма зяця. Таго зяця, аб якiм стары
заўсёды марыў i гаварыў суседу, калi быў у добрым настроi:
- Кажаш, хату ладзiць трэба? Трэба... Трэба, браток, подрубы мяняць. Але я
ўжо не здолею... Хай зяцёк ужо рамонты робiць, яму тут жыць!
I ёй стала шкада яго. Шкада ягоных дрыготкiх рук, шчацiнiстага твару, на
якiм, здавалася, блiшчалi слёзы... Ёй самой хацелася плакаць. Але яна не
заплакала. "Я зараз жа вярнуся ў спальню, - рашыла яна. - Так, каб ён не
заўважыў. Нельга, каб ён заўважыў..."
I ўсё ж, калi ён праз некалькi хвiлiн увайшоў у спальню i стаў асцярожна
ўкладвацца ў ложак, яна не вытрымала i спытала:
- Дзе гэта ты быў?
Ён рэзка павярнуўся да яе:
- А ты што... даўно не спiш?
- Ды не, я толькi прачнулася, - зманiла яна, каб яго супакоiць. - Нешта
холадна...
- Гэта праўда, холадна, - трохi счакаўшы, сказаў ён. - Я выходзiў на двор
- стынь, зямля ў iнеi... Холадна.
- У нас яшчэ ў спальнi тут нiчога, а вось у суседнiм пакоi...
Яна хацела дадаць - "дзе спiць дзiця", але не сказала, пабаялася.
I ўсё ж ёй здалося, што ён зразумеў яе.
- I там холадна, i тут не горача, хата старая, пераканапачваць трэба, -
ужо нейкiм другiм, трывожным голасам прагаварыў ён. - Ты спi, спi...
Нацягнуўшы коўдру да самых вачэй, яна зрабiла выгляд, што спi



Содержание раздела